Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 4.pdf/105

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

МАЛАДАЯ

Гуляй, мілы, колькі сілы!
Не ўважай нуды маей:
Я паплачу, знамо, бачу
Чужу хату і людзей.

Чужа хатка, бацька, матка,
Сама тутка першы раз;
Ныюць грудзі, што-то будзе?
Што чакае ў жыцьці нас?

ХОР

Рэдкі сьмехі і папехі,
Чысты сьлёзы і бяда!
Ё часіна, ё скрыпіна, —
Весяліся, грамада!

Сват вылазіць з-за стала і сыпле лявоніху са свацьцяй; за ім малады з маладой і ўся дружына.