Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 3.pdf/98

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

прыдзе нешта нейкае, дык і гаворыш, і гаворыш; спачатку палягчае на сэрцы, а пасьля і шкадуеш. Ён-жа маё родненькае дзіцё, ды адзін, як той васілёк у жыце.

ЯНКА

(на бок)

О, гэтакіх адных у нас многа, толькі-ж яны не васількі, а праклятае зельле на нашай беднай зямлі! (Ходзіць па пакоі).

ЗЬЯВА ІІ

ГАНУЛЯ — ЯНКА — МІКІТА

МІКІТА

(уваходзіць з пакупкамі)

О, меджду протчым і профэсар у нас! Здрасьціце!

ЯНКА

Майму кватэрнаму гаспадару нізка кланяюся! Апрача гэтага пазвольце, пане рэгістратар, павіншаваць вас з імянінамі. Жычу вам надзець шліфы калежскага асэсара.

МІКІТА

Дзякую, меджду протчым, дзякую! Шчыра мяне цешыць, што вы аб гэтым не забыліся. Жадаю, каб і праз год мы ў гэтай кватэры віншаваліся.

ЯНКА

Аб гэтым трудна загадзя варажыць, бо я ў скорасьці зусім выяжджаю з Менску на вёску.

ГАНУЛЯ

Як-жа гэта, пане настаўнік? Мы ўжо да вас прывыклі, што мне здавалася, ніколі не разлучымся.

ЯНКА

Там, на вёсцы, я патрабней, чымся тут, а да таго — ня люблю я гораду: вельмі ўжо ў ім цяжкае паветра.

МІКІТА

(да Ганулі)

Меджду протчым, мамаша, прышыкуйце закуску, бо незадоўга і госьці зьбяруцца. (Стаўляе на бок пляшку).