Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 3.pdf/97

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

іўся ў акружным судзе: быў там пры вешалках і кур‘ерам. А вядома, у судзе: народу ўсялякага прыходзіць шмат, ды пакуль там хто дойдзе да вышэйшага начальства, пачынаць мусіў сьпярша ад ніжэйшага. Гэткім ладам недастачы вялікай не цярпелі, ды нават хлопца свайго праз усялякія там навукі да чыноўніцтва давялі. Пасьля мой памёр, вечны яму пакой, а я засталася адна са сваім Мікіткай. Так што, як бачыце, ніякай далікатнасьці нямашака.

ЯНКА

А я спачатку меркаваў іначай. Бо дзе-ж там! Ён гэтак заўсёды хоча сябе паказаць, як-бы сам губарнатар.

ГАНУЛЯ

Гэта, мабыць, ён наглядзеўся, бо служыў у губарнатарскай канцэлярыі за нейкага там рэгістратара.

ЯНКА

Ах, вось яно што! Але гэта не бяда. Калі ён вышаў родам з сялян, то ніякай працы не павінен чурацца, асабліва павінна яго пацягнуць туды, адкуль прышоў, на вёску, дзе столькі поля някратанага ляжыць. І мне здаецца, што яго туды пацягне.

ГАНУЛЯ

Ня цягне яго і туды, мой саколік, ой, ня цягне! Стары згарусьціў быў лішнюю сотню, маніўся кусочак зямлі з хатай купіць, але ня ўсьпеў. А яму, свайму Мікітку, што я наталкавалася, каб зьісьціў бацькаву думку, — не паслухаў. Цяпер ні зямелькі з хатай, ні грошай… А мне ўжо старасьць на носе. Як падумаю, што бяда зноў прыцісьне, што зноў прыдзецца людзям бялізну мыць, дык аж рукі вянуць ад нейкага жалю горкага.

ЯНКА

Э, цётачка! Ня так ужо дрэнна, як вам здаецца. Устаткуецца ваш Мікітка з часам і пойдзе па розум да галавы. А цяпер ён-жа яшчэ малады ў вас.

ГАНУЛЯ

Ды разумеецца малады, яшчэ зусім малады! Яно-ж і наракаць на яго роднай маці гэтак не выпадае, але падчас, як