Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 3.pdf/96

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ГАНУЛЯ

Паляцеў у горад таго-сяго купіць. Сягоньня імяніны яго, дык мо‘ той ці сёй здарыцца ў хату.

ЯНКА

Шкада, што я раней аб гэтым ня ведаў. То-ж належала і аб падарунку якім падумаць.

ГАНУЛЯ

Э, мой сынок! Ня тыя цяпер часы на падарункі. Гэтая вайна ды бязладзьдзе, ці як там кажуць, рэволюцыя, пахавалі тыя хвіліны, калі людзі маглі думаць і аб падарунках.

ЯНКА

А во, сын ваш не забыўся, аднак, аб імянінах?

ГАНУЛЯ

Не забыўся, бо малады яшчэ і ў галаве пуста. Падумайце, скасавалі чыноўніцтва, застаўся бяз службы і хоць-бы што, ні на грош таей сталасьці. Адно маракуе ўсё аб тым, як ізноў вернуцца нейкія там яго рангі і клясы і ўсялякае дабро само пасыпецца з неба.

ЯНКА

А што ж ён, павашаму, павінен рабіць у гэтае чыноўніцкае безрабоцьце?

ГАНУЛЯ

Што? Хоць-бы ўзяў, як іншыя, ды падвучыўся боты шыць, або хоць латаць. Ну латаў-бы, і капейка жывая была-б у хаце, а так… (Махнула рукамі).

ЯНКА

Трудна такому далікатнаму панічу за гэтакую чорную работу ўзяцца.

ГАНУЛЯ

Які там ён далікатны! Я сама з ягоным бацькам — людзі вясковыя. Мой нябожчык гаспадар жыў пры бацькох на маленькім надзеле. Адзін яшчэ сяк-так мясьціўся ў сям‘і, а як жаніўся, дык і не хапіла абаім месца. Тады мы ўзялі і пайшлі сюды ў Менск шукаць службы. Спачатку было вельмі цяжка, а пасьля нічога сабе. Я мыла людзям бялізну, а ён прыстро-