Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 3.pdf/181

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

залетась на аратарстве; пры тым ваша поўнае дагэтуль ігнораваньне гэтай справы й несьвядомасьць…

МІКІТА

(перабіваючы)

Вы, пане настаўнік, не жартуйце. Я ня зусім такі ўжо несьвядомы, меджду протчым, беларус, — нават з вашай літаратурай знаёмы.

ЯНКА

Цікава, цікава! Гэта для мяне неспадзеўка.

МІКІТА

Дык вось, паслухайце, меджду протчым:

Беларусь, мая старонка,
Куток цемнаты,
Жыве Шыла, Грыб, Мамонька, —
Будзеш жыць і ты, меджду протчым.

ЯНКА

На такім знаёмстве з нашай літаратурай далёка, пане рэгістратар, не заедзеце.

МІКІТА

Вось я й надумаўся зьвярнуцца, меджду протчым, з просьбай да вас, каб вы мне ў гэтым памаглі. Прасіў я свайго профэсара Сьпічыні, але ён адказаўся. Кажа, што ён толькі спэц адбеларушчываць, а да абеларушчываньня яго яшчэ змалку адвярнула.

ЯНКА

Вам простая дарога цяпер: запісацца на курсы беларусазнаўства.

МІКІТА

Паміж намі кажучы, меджду протчым, а дзеля ўсякага такога здарэньня з пару дзён хадзіў на такія курсы, але нічога ў галаву не палезла, асабліва надта трудная для майго рускага ўразуменьня ваша граматыка — гэтыя націскі, націскі…

ЯНКА

А так, пане рэгістратар, — у нашай граматыцы бяз націскаў ані з месца. Але ўсё-такі вам прыдзецца вярнуцца на