Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 3.pdf/182

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

гэныя курсы, бо я вам нічога не памагу — сягоньня яшчэ выяжджаю з Аленкай з Менску. Мабыць, і ня скора пабачымся.

МІКІТА

Шкада, вельмі шкада, а я думаў, меджду протчым…

ЯНКА

Ды тут нечага й думаць. Ня ўдасца вам гэта асэсарства, дадуць вам совбурства, а штосьці ды будеце мець, бо ці-ж вам ня ўсё роўна?

МІКІТА

Усё роўна, меджду протчым, і ня ўсё роўна. Беларускае асэсарства, апрача ўсякіх іншых плюсаў, мае ў сабе яшчэ адзін вельмі ласы плюсік — гэта тое, што і пабеларуску, як я пераканаўся, можна праводзіць у тутэйшую сярмяжную шацію вялікія руска-ісьціныя прынцыпы а ядынасьці, непадзельнасьці і самадзяржаўнасьці Расійскай, меджду протчым, імпэрыі.

ЯНКА

О, гэта ўжо провокатарскімі прынцыпамі запахла ад вас! Але сьцеражацеся, пане рэгістратар. Ідзе народ, беларускі сярмяжны народ ідзе, а ён вашаму руска-ісьцінаму рэгістратарству саб‘е рогі.

МІКІТА

Я асьцярожны, надта асьцярожны, і за мяне, сябра беларус, ня турбуйцеся. (Да ГАНУЛІ). Меджду протчым, мамаша, у вас не засталося польскіх марак? Дайце мне, — я зьбегаю чаго-небудзь куплю, бо пры новай сытуацыі і гэтыя грошы нічога варты ня будуць.

ГАНУЛЯ

(даючы грошы)

Купі, сынок, купі, толькі можа чаго з яды знойдзеш. Адно — ідзі асьцярожна, каб цябе ў палон не схапілі, або сам у якую нячыстую гісторыю ня ўпутаўся.

МІКІТА

(хаваючы грошы ў галіфэ і выходзячы)

Меджду протчым, я не з такіх, мамаша, каб упутацца. (Да ЯНКІ і АЛЕНКІ). З вамі яшчэ пабачуся — вярнуся хутка. (Выходзіць).