Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 3.pdf/180

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ЯНКА

З вялікай ахвотай, калі патраплю.

МІКІТА

Патрапіце — гэта ваша профэсія. Справа ў тым: я пастанавіў перайсьці ў вашу, меджду протчым, партыю.

ЯНКА

Ды я-ж беспартыйны.

МІКІТА

Ну, як вам сказаць? Наогул, меджду протчым, хачу перайсьці на ваш беларускі бок, ці як там. Адным словам, я надумаўся дабівацца беларускага асэсарства.

ЯНКА

О, так! зусім зразумела. Цяпер гэта наймаднейшая свабодная профэсія, і кожны жук і жаба хоча на беларушчыне рабіць сабе кар‘еру.

МІКІТА

(як-бы не зразумеўшы прытычкі)

Меджду протчым, пане профэсар, новая політычная сытуацыя і ўсё такое прымусілі мяне падумаць аб гэтай кар‘еры. Бо, як мне казала з пэўных крыніц мамзэль Наста, дык у вас заводзіцца нейкая, меджду протчым, Беларуская Рэспубліка. Ужо нават едзе і старшыня Беларускага Рэўкому Чарвякоў — толькі затрымаўся недзе за Менскам на папаску.

АЛЕНКА

А я чула, што і цётка Бадунова таксама едзе на белай кабыле з Смаленску.

МІКІТА

Ну, яна, меджду протчым, эсэр-беларус і ў рахунак ня йдзе: доўга тут не заседзіцца.

ЯНКА

Значыцца, вы цьвёрда пастанавілі дабівацца сабе гэтай новай кар‘еры? Баюся я толькі, каб вы ня вышлі на ёй, як