Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 3.pdf/179

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ЯНКА

Дык вы, пане рэгістратар, маніліся пакінуць усе свае руска-ісьціныя варты і ўцякаць з роднага гораду?

МІКІТА

А так, пане профэсар, маніўся, меджду протчым.

ЯНКА

Што-ж, можа, гэта акурат падходзячая была-б для вас профэсія. Езьдзі сабе са сваімі манаткамі ды езьдзі сабе, як гандляр з козамі з кірмашу на кірмаш, туды-сюды езьдзі сабе ды езьдзі. Але ўсё-ж-такі, чаму вы не паехалі?

МІКІТА

Вышла малая мітрэнга. Гэты, меджду протчым, рэдактар Гізульскі, што жыў да апошняга часу ў нашай кватэры, абяцаў мне вылатвіць „пшэпустку“ на выезд, але пад‘ашукаў. Сам як пан выехаў, а мяне бяз „пшэпусткі“ пакінуў. Дарма толькі на вакзал з рэчамі сьцягаўся.

АЛЕНКА

І вы гэта, пане рэгістратар, так да сэрца ўзялі, што ажно барада ў вас вырасла, бо дагэтуль, здаецца, вы не насілі яе?

МІКІТА

А гэта, меджду протчым, яна вырасла ў зьвязку з політычнымі эмарамі на нашым Менскім горызонце. Мамзэль Наста загадзя папярэдзіла мяне з пэўных крыніц, што пры новай політычнай сытуацыі будуць дабравольна браць маладых мусьі і дабравольна адпраўляць іх на Ўрангелеўскі фронт. Вось я, не зважаючы на тое — выеду ці ня выеду, і пастараўся не выглядаць маладым.

ЯНКА

Цяпер вам, пане рэгістратар, застаецца толькі прыдумываць новую свабодную профэсію, ці новую клясавую рангу.

МІКІТА

Ды я ўжо прыдумаў, меджду протчым, толькі вы мне павінны ў гэтым памагчы.