Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 3.pdf/178

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

МІКІТА

Тым лепей, меджду протчым. Віншую!

ЯНКА

(паказваючы на вядро)

А гэта што ў вас за такая зацірка ў ражцы?

МІКІТА

Не зацірка, дзядзька беларус, не зацірка, а праўдзівая цэнтра-белсаюзаўская, меджду протчым, патака. Добрыя людзі адчынілі склад з ёю на Нізкім рынку і — бяры, хто хочаш і колькі хочаш. Можаце і вы набраць, меджду протчым.

ЯНКА

Дзякую за такія дары данайскія!

ГАНУЛЯ

А нашыя некаторыя мянчане, асабліва з Камароўкі і Пярэспы, гэткім спосабам апошнія гады і жывуць. Як толькі ўлада мяняецца, робяць сабе запас да новай перамены; мяняецца ўлада зноў — зноў робяць сабе запас да новай перамены, і гэтак ужо каторы год. А сёлета, апрача ўсяго іншага, дык яшчэ і дровы з Ваньковічава лесу самакатам коцяць і коцяць на вяроўках.

ЯНКА

Бачыў, бачыў. Такая праца йдзе, якраз як пры будове ягіпецкіх пірамідаў.

МІКІТА

Меджду протчым, такое ўмелае скарыстаньне перамен політычных сытуацый — надта лёгкі спосаб забясьпечыць сябе на чорны дзень.

ЯНКА

А вы гэта забясьпечаньне пачалі, як відаць, ад патакі?

МІКІТА

Ад большага чаго я не пасьпеў, бо, меджду протчым, сапошні час заняты быў эвакуацыйнымі справамі, довадам чаго служаць вось гэтыя запакаваныя рэчы.