Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 3.pdf/177

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Былі ж і сягоньня гэныя нібы вучоныя Мікіткавы. Аб вас, пане настаўнік, пыталіся. Хацелі, кажуць, даведацца, які магнэс болей вас да сябе цягне — усходні, ці заходні.

ЯНКА

Трэ‘ было, цётачка, сказаць, што ні той, ні сëй, а тутэйшы.

ГАНУЛЯ

Я так і падумала, але не сказала, бо пабаялася, што не патраплю вучоным павучонаму адказаць.

ЯНКА

А болей нічога ня пыталіся?

ГАНУЛЯ

Нічога, толькі паміж сабой тое-сëе павучонаму пагаманілі, праз свае падзіральнікі туты-сюды зірнулі ды пайшлі. Усходні вучоны сказаў, што пойдзе на Захад, а Заходні сказаў, што пойдзе на Ўсход.

ЯНКА

Ну, цяпер яны ня скора з сабой спаткаюцца.

ГАНУЛЯ

І я так падумала, але не пасьпела гэтага ім сказаць.

{{АРЦ|(Уваходзіць МІКІТА. На шапцы ў яго вялікі значок з белым арлом, брыль абабіты бляхай; фрэнч і галіфэ новыя, з цёмна-жоўтага сукна, боты жоўтыя. Уваходзіць з напоўненым вядром).

ЗЬЯВА ІІ

ГАНУЛЯ — ЯНКА — АЛЕНКА — МІКІТА

МІКІТА

(паставіўшы вядро)

А, меджду протчым, пан профэсар завітаў да нас. Маë ўшанаваньне! Як я рад, як я рад, што з вамі спаткаўся. Ах, і мамзэль Аленка тут!? Дзень добры, мамзэль, меджду протчым.

АЛЕНКА

Дзень добры, пане рэгістратар! (З удаваным смуткам). Толькі ж я не мамзэль, а ўжо мадама.