Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 3.pdf/171

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ДАМА

Тады дазвольце мне балалайку. (МІКІТА падае). Я папрашу гэтага мусье (паказвае на ЯНКУ), каб сыграў на балалайцы. (Падыходзіць і падае ЯНКУ балалайку). Мусье беларус, не адмоўцеся, сыграйце нам вальца!

ЯНКА

Магу сыграць. Калі тут кампанія ваша ўладзіла танцкляс для окупантаў, дзе кожны з іх заходзіць і танцуе сваё „Гоцаца“, дык чаму-ж бы мне ў гэтым танцклясе і не пайграць.

ДАМА

Вельмі прыемна з вашага боку!

(ЯНКА грае вальца. Танцуюць тры пары ў тым самым парадку, што ў першым акце. ПОП таксама не танцуе. У пачатку танцаў уваходзяць АЛЕНКА і ГАРОШКА).

ЗЬЯВА

ТЫЯ-Ж — АЛЕНКА — ГАРОШКА

ПОП

(пільна угледзеўшыся ў акно, потым да танцуючых)

Чады моі, остановіцесь! В сію обіцель градзе большэвік.

ТАНЦУЮЧЫЯ

(пакінуўшы танцаваць)

Як?… што?.. адкуль?..

(Паміж Мікітавымі гасьцямі перапуд і бегатня).

МІКІТА

(зірнуўшы ў акно)

А такі-ж градзе і да нас… Ой-ей!.. і з аружжам у руках! А казалі, што іх ужо няма. Ой-ей!.. ой-ей!.. Мамзэль Наста, якія ж гэта няпэўныя вашы пэўныя крыніцы!

ГАЛАСЫ

Трэба хавацца! Хутчэй! Хавацца!

МІКІТА

Мамзэль Наста, перакульвайце задам наперад абразы (НАСТА пераварачвае абразы). Мадам-сіньёра, хавайцеся сюды! Ваша