Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 3.pdf/170

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

СПРАЎНІК

Затое цяперашняя усё дасьць.

ЯНКА

(на бок)

Нават узяткі.

МІКІТА

Але пакуль-што-якое, мне ад сэрца, меджду протчым, хацелася-б дастойна пачаставаць і павесяліць высокіх парсон.

ДАМА

А ведаеце, мусье Зносілов, — бяду гэту можна лёгка паправіць. У мяне зьявілася цудоўная ідэя: той вечар у вас на імянінах, перад выхадам немцаў, такое мілае ўражаньне пакінуў, што я вельмі была-б шчасьлівай, каб сягоньня яго паўтарыць.

МІКІТА

Мадам-сіньёра, я ўвесь да вашых, меджду протчым, услугаў! Значыцца, пачынаем ад пачастунку. Меджду протчым, мамаша, чым хата багата.

ДАМА

О не, мусье рэгістратар, — вы не згадалі! Дзякуючы таму, што мы ўжо частаваліся, паўторым сягоньня толькі другую частку програмы таго вечару.

МІКІТА

Танцы, меджду протчым?

ДАМА

Мусье, цяпер вы згадалі! (Да прысутных). Я думаю, што шаноўнае таварыства са мною згодна?

ГАЛАСЫ

Згодны! згодны!

ДАМА

А цяпер, мусье Зносілов, дазвольце накруціць грамафон.

МІКІТА

Грамафон… грамафон… меджду протчым, грамафон, мадам-сіньëра, у… у рэпарацыі.