Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 3.pdf/151

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ДЗЕЯ ТРЭЦЯЯ

Той самы, што ў першай дзеі, Мікітавы пакой. У беспарадку накідана ўсякіх хатніх рэчаў, як-бы яны сабраны былі з некалькіх пакояў. Люстра, грамафона і мяккіх крэслаў няма. Шпалеры павыдзіраны і кускамі зьвісаюць к долу. Абразы і малюнкі, — тыя самыя, што ў першай дзеі, — перавернуты тварам да сьцяны. Па ўсіх свабодных мясцох расклеены па сьценах друкаваныя ўрадовыя пастановы, дэкрэты, лёзунгі, загалоўкі тагочасных газэт, плякаты. Вісіць балалайка.
Калі падымаецца заслона, ГАНУЛЯ, закасаўшы рукі, мые бялізну у начоўках, непадалёк сядзіць ГАРОШКА і пыхкае люльку.

ЗЬЯВА І

ГАНУЛЯ — ГАРОШКА

ГАРОШКА

Аб чым-жа, тое-гэта, хацеў я казаць?

ГАНУЛЯ

А нешта-нейкае аб высяленьні была ў цябе, сваток, гутарка напачатку.

ГАРОШКА

Ага, успомніў! Дык вось, як нашы гэткім чынам апошні суд з князем прайгралі, пачалося тое высяленьне. Але як, свацейка, пачалося!? Нашы ўсё роўна не хацелі пакідаць сваіх загаспадараных сяліб. Ну, што-ж? Нагналі гібель казакаў, сам нават спраўнік з Менску прыехаў. Тады ўсе мужчыны і ўсе кабеты, найболей старэйшыя, паклаліся ўпоперак вуліцы: „Хай высяляюць!“ — сказалі сабе гэтак: „Хай праз нашы галовы ўвойдуць у нашы родныя хаты!“ Ну, разумеецца, казакі не спалохаліся гэтага. Рынулі ўсёй гурмай на конях праз ляжачы народ, а за імі прыстаў на сваёй вараной тройцы. На капусту