Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 3.pdf/152

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

людзей зрэзалі і на кашу з зямлёй зьмяшалі. Бацька й маці мае таксама там засталіся.

ГАНУЛЯ

Мы наракаем, што цяпер цяжка жывецца, а як падумаеш, дык і ўперад не вялікі мёд быў.

ГАРОШКА

І чамярыца яго ведае, як гэта неяк хітра на сьвеце устроена! Паны былі польскія, законы — рускія; польскія лаюць рускіх, рускія лаюць польскіх, а як прыдзе што да чаго, каб нашага простага чалавека пакрыўдзіць, дык і польскія і рускія ў адну дудку граюць.

ГАНУЛЯ

Ды яно-ж гэтак, мой сваток. Каму па каму, а нам, казаў той, дык два камы.

ГАРОШКА

Наш настаўнік, Янка, дык той без ніякага нічога, як тапаром сячэ: „Пакуль, кажа, ня зробімся самі сабе гаспадарамі, датуль ніякага ладу ні складу ў нас ня будзе“. Гэты настаўнік добры і дужа разумны чалавек, але трохі галава яго нечым заведзена, бо мала што сам носіцца, як кот з салам, з усялякімі мудрымі думкамі, дык яшчэ, як на тое ліха, і маёй Аленцы ў галаве ўсё дагары нагамі перакуліў. І цяпер тая ужо, як папуга, паўтарае за ім: „Недачаканьне іх! — кажа, — будзем самі сабе гаспадарамі!“

ГАНУЛЯ

Звычайная рэч, мой сваток. Маладое піва заўсёды шуміць.

ГАРОШКА

Так яно, так. Але найчасьцей ад гэтага шуму нам, бацьком, галава баліць. Я табе йшчэ не казаў, мая свацейка, што ў мяне, апрача Аленкі, быў і сын — Юрка. Удалы дзяцюк быў, ах які ўдалы! і таксама шумеў, занадта ўжо шумеў. І што? Самахоць за німашто асіраціў мяне. Служыў тады ён у Маскве на нейкай фабрыцы. А там — помніш — у дзевяцьсот пятым