Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 3.pdf/146

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

асьвятленьне некаторых зьвязаных з аратарствам пытаньняў. Вось, напрыклад, як вы сабе разумееце мітынг?

МІКІТА

Мітынг, мусье профэсар, мітынг, меджду протчым, гэта нешта такое, што выдумалі ангельцы для тых, якія нічога ня хочуць рабіць, а толькі ходзяць і варон страляюць. Мітынг, меджду протчым, гэта тое самае, што пераліваньне з пустога ў парожняе. Мітынг — гэта тое з вушамі таварыства, дзе араторыць буду я, а слухаць будуць яны, і крычаць будуць: віват, рэгістратар Зносілов! — калі іх па шэрсьці пагладжу, і — далоў, рэгістратар Зносілов! — калі пагладжу іх проці шэрсьці, меджду протчым.

СЬПІЧЫНІ

Усё гэта як-бы так і як-бы ня так. Але да гэтага яшчэ вернемся. Цяпер мне адкажэце на адно пытаньне на сягоньня будзе годзе. Вы што-небудзь ведаеце аб Савецкім ладзе?

МІКІТА

Оей! Нават добра ведаю.

СЬПІЧЫНІ

Аб гэтым у вас павінен быць ясны, дужа ясны сьветагляд, адным словам — пад арэх.

МІКІТА

Савецкі лад… Савецкі лад, меджду протчым, Гэнрых Мотавіч… Савецкі лад… гэта… гэта такая чырвоная паводка… такая, меджду протчым, паводка, аб якой ня сьнілася ні фараону, ні Салямону… Савецкі лад гэта… гэта…

СЬПІЧЫНІ

(ускочыўшы з лаўкі)

Пардон! У мяне разбушаваліся нэрвы. Сюды машыруе нейкі немец. А я страшэнна ня люблю спатыкацца з ворагам, калі ён наступае і калі ён адступае.

МІКІТА

О так! Асабліва страшна з ім спатыкацца, меджду протчым, калі ён наступае.