Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 3.pdf/145

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

я вам казаў, што тэорыя аратарскага мастацтва ня любіць, каб выкідалася перад аўдыторыяй тое, што ў вас папраўдзе накіпела на вантробе. Можаце думаць усё, што толькі вам падабаецца, але гаварыць абавязаны толькі тое, што іншым падабаецца. Толькі такім чынам вы зробіце сабе на свабоднай аратарскай профэсіі яксьледную асэсарскую кар‘еру. Цяпер папробуйце сказаць араторыю на тэму: „Рэволюцыйная самадысцыпліна“.

МІКІТА

Ша… Шан… Ня так… Меджду протчым, мае панячкі і мае паночкі! Рэволюцыйная самадысцыпліна… рэволюцыйная самадысцыпліна… гэта такая, меджду протчым, дысцыпліна, што мае два канцы — то яна ўсіх б‘е, то яе ўсе б‘юць, бо контррэволюцыйная дысцыпліна ня сьпіць у шапку. З гэтае прычыны і рэволюцыйная самадысцыпліна ня мае права спаць, меджду протчым, у шапку, бо йначай прасьпіць усю сваю гаспадарку. Дзеля гэтага (трасучы кулакамі) далоў… далоў… І меджду протчым…

СЬПІЧЫНІ

Затрымайцеся. Гэта ў вас вышла нібы лепей. Цяпер выслухайце маленькія дзьве асьцярогі: першае — калі ўзыдзеце на трыбуну, то ёмка зачашэце сабе на галаве думку аб тым, пры якой політычнай сытуацыі выступаеце з араторыяй. Другое — найбліжэйшая політычная сытуацыя, пры якой першы раз прыдзецца выступаць вам публічна, апіраецца на пэўных пляцформах. Дзеля гэтага, перш чымся араторыць, вы павінны выбраць сабе стойкую пляцформу і тольку адну, а ня дзьве або тры, бо йначай можаце паскаўзнуцца і зваліцца з усіх трох разам.

МІКІТА

Меджду протчым, магу я зысьці ўжо, мусье профэсар, з трыбуны?

СЬПІЧЫНІ

Можаце ўжо зысьці, мусье рэгістратар, з трыбуны (Мікіта зыходзіць). Ахвяруем цяпер колькі хвілін на тэорытычнае