Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 3.pdf/144

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

СЬПІЧЫНІ

Цяпер ужо будзеце магчы выступаць хоць і заўтра. Можам пачынаць, мусье рэгістратар!

МІКІТА

Меджду протчым, я гатоў, мусье профэсар!

СЬПІЧЫНІ

Узлазьце на трыбуну, мусье рэгістратар. (МІКІТА становіцца на лаўцы). Так! Так! Цяпер зрабеце позу. Крыху ня так — прасьцей фігуру і вышэй галаву, вочы — у даль. Левую руку абапрыце на левы клуб. Так! Так! Правая рука застаецца свабоднай — гэта, каб у патрэбных момантах вашай араторыі, можна было, заціснуўшы кулак, патрасаць ёю над аўдыторыяй. Цяпер, калі зрабілі сабе аратарскую паставу, пачынайце прамову. Спачатку кажаце ціхім-ціхім голасам, пасьля штораз — мацней, а пад канец бухаеце грамабойным голасам і, разумеецца, на чым сьвет, патрасаеце кулакамі. Ну, цяпер пачынайце араторыю на тэму: „Пролетарыят і буржуазія“.

МІКІТА

Вельмі паважаныя, меджду протчым, мадамы, вельмі паважаныя, меджду протчым, мусьі! Да апошняга часу пролетарыят эксплёатаваў буржуазію. Буржуазія з усіх жыл выбівалася, каб здабыць сабе на чорны дзень якую жменю золата, або кусок якога маёнтку, а пролетарыят, меджду протчым, у гэты бок і пальцам ня ківаў; усёй работы яго было, што толькі, меджду протчым, працаваў, ды йшчэ за гэтую мізэрную працу цягнуў крывавую капейку з беднай буржуазіі. Буржуазія з кожным днём ад недастаткаў таўсьцела — казаў той — расла ня ўвышкі, а ў папярэчкі, меджду протчым, як той гарбуз, а пролетарыят ад роскашы цянеў — казаў той — рос не ўпапярэчкі, а ўвышкі, меджду протчым, як тая тычка. Дзеля таго (трасучы кулаком) далоў!.. далоў!..

СЬПІЧЫНІ

Затрымайцеся на мінутку. У сваёй араторыі вы пераблуталі лёгічныя тэрміны, і там, дзе павінна стаяць першае, у вас чамусьці другое, а дзе — другое, там стаіць першае. Ужо