Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 3.pdf/138

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ГАРОШКА

(да пана)

Значыцца, паны, даіцё лататы?

ПАН

А так, прыходзіцца, толькі хай там ваша вёска вельмі ў двор мой ня прэцца, бо як вярнуся…

МІКІТА

(перабіўшы)

І ўсё гэта праклятая, меджду протчым, рэволюцыя нарабіла.

ЯНКА

Што, кусаецца? Вы, пэўна-б, хацелі і з печкі зваліцца і патыліцы не адбіць? Рэволюцыя, мае паны, ня цётка — па галоўцы гэткіх сваіх прыяцеляў ня гладзіць.

ДАМА

Мусье беларус, вы, як я ўважаю, напоўнены павевамі новага часу і належыце, мабыць, да новай партыі стоікаў, якія не паддаюцца эвакуацыі і застаюцца на месцы?

ЯНКА

Паддаецца эвакуацыі ў сягонешні час толькі той, у каго або нячыстае сумленьне, або ён сядзеў тут збоку-прыпёку, не раўнуючы, як пустазельле на сялянскай градзе.

ДАМА

(да Мікіты)

А вы, мусье рэгістратар, калі прыняць пад увагу довады мусье беларуса, то пэўна заставацца тут ня будзеце і нашым шляхам пойдзеце?

МІКІТА

Мадам-сіньёра, вы не згадалі: я, меджду протчым, застаюся. Як істы рускі патрыот, я змушаны пакуль што стаяць тут на варце сваіх рангавых і руска-ісьцінных інтарэсаў. Хоць можа я гэтак рызыкую нават сваёй, меджду протчым, пэрсонай, але місію сваю мушу стойка выпаўняць.

ЯНКА

Мне здаецца, пане рэгістратар, што вы так запуталіся ў сваіх рангах, клясах і свабодных профэсіях, што ўжо ня