Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 3.pdf/132

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

якая вучыць, што мы ня ёсьць мы, што мы нейкае нешта, якое абы накарміў, як быдлё, дык і сыта будзе. Мы павінны душу нашу народную выявіць у сваім „я“, у сваёй самабытнасьці і сьмела сягнуць па сваё неадымнае права самім распараджацца гэтым сваім „я“.

АЛЕНКА

Але цярністы шлях мусіць прайсьці душа народная, пакуль збавіць гэта сваё „я“ ад чужой няволі.

ЯНКА

(ня слухаючы)

Зірні, Аленка, на Менск! Тут калісь, — як сказана ў нашай песьні аб паходзе Ігара, — продкаў нашых галовы снапамі на таку слаліся, душу ім ад цела веялі, а чырвоныя берагі Нямігі ня зернем былі пасеяны, а касьцямі гэных-жа продкаў нашых. З гэтага бачым, што яны за нешта змагаліся, калі пад сьценамі роднага гнязда косьці свае пасеялі… А ўміралі, відаць, з славай, бо ў песьні іхняе ўміраньне засталося вечна жыць. А ці-ж увекавечыць песьня змаганьне і ўміраньне патомкаў? Не! Бо мы змагаемся і ўміраем за чужое.

АЛЕНКА

Шмат хто і з нас ужо змагаецца і ўмірае не за чужое, а за сваё, а песьня аб іх ужо не забудзе.

ЯНКА

Гэта адзінкі, мілая Аленка. А душа агульна-грамадзкая яшчэ дрэме.

АЛЕНКА

Скіне сваю дрымоту і душа. Абы толькі гэтыя адзінкі, што ўжо змагаюцца, больш ясных паходняў распалілі і асьвяцілі сьцежкі ўсе для паўстаючай грамады.

ЯНКА

Што-ж, можа і праўда твая, Аленка. Мы як-бы пачынаем ужо адплюшчваць вочы і паўставаць проці тэй паганай маны, што мы ня ёсьць мы. Але яшчэ хістаемся то ўправа, то ўлева. Яшчэ ясна азначанай мэты ня можам сабе ўявіць. А мэта ў