Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 3.pdf/131

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ГАНУЛЯ

(складваючы манаткі)

Толькі пільнуйся, сынок, каб ён ня ўздумаў цягнуць цябе ў палон і пры адступленьні, як тады — пры наступленьні.

МІКІТА

Не бядуйце, меджду протчым, мамаша — я заўсёды знайду выхад з найгоршага крытычнага становішча. Ды я-ж прасіў вас, мамаша, не ўспамінаць мне аб гэтай трагедыі майго жыцьця. (ГАНУЛЯ маніцца выходзіць). Ага! Калі спаткаеце профасара гэр Сьпічыні, то напомніце яму, што я ўжо яго чакаю на практычную лекцыю аратарскага мастацтва, вось толькі схаджу на мінутку на Койданаўскую вуліцу паслухаць, як там стаіць курс на валюту.

(Пайшоў. ГАНУЛЯ, а за ёй ПАНІ з манаткамі шнурам выходзяць. Па хвілі ўваходзяць ЯНКА і АЛЕНКА).

ЗЬЯВА II

ЯНКА — АЛЕНКА

АЛЕНКА

Здаецца, мы ўгаварыліся тут пачакаць на татку?

ЯНКА

А так — тутака. Пакуль прыдзе, можам хвіліну пасядзець.

АЛЕНКА

(сеўшы на лаўку, пасьля паузы)

Як вы заўсёды, дзядзька настаўнік, мудра вельмі разважаеце, ажно мяне часам страх бярэ! Вось, напрыклад, ідучы сюды сказалі вы, што мы павінны дабівацца, каб быць ня толькі гаспадарамі самі над сабой, але і над сваёй воляй.

ЯНКА

А як іначай, Аленка. Якімі-б раскошамі матэрыяльнымі нас ні надзялялі, ніколі яшчэ ня будзем шчасьлівы, пакуль чужая воля будзе гаспадаром над нашай воляй. Каб гэтага ня было, мы павінны растаптаць, зьніштожыць доўгавечную ману,