Перайсці да зместу

Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 2.pdf/87

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

НА ВЯЛІКІМ СЬВЕЦЕ…

На вялікім сьвеце б‘е жыцьцё крыніцай.
Барацьба за волю і за долю рдзее,
Маюць панаваньне вера і надзея,
Асьвяціць народы лепшы быт маніцца

На вялікім сьвеце неба сьлёз ня сее,
Ёрмаў не майструе крыўда-чараўніца,
Не галубіць думак цемра-асьляпніца
І ня водзіць душаў пагібеньня кнеяй.

На вялікім сьвеце б‘юць званы на славу,
Людзі з плеч скідаюць ланцуговы скруты,
К сонцу йдуць браточна з рабскае пакуты.
На вялікім сьвеце ўсё ідзе па праву,
Па законе божым, з яснатой яскравай…
А у нас, у нас што?.. Толькі звоняць путы…

1912 г.