Перайсці да зместу

Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 2.pdf/88

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Я ЛЮБЛЮ

Я люблю ўсходы нашых палеткаў
І спавітыя ў зелень лугі,
І шум бору пануры, глухі,
І шаптаньне крынічнае ўлетку…

Я люблю упрыгожану ў мхі
Нашу вёску — сваёй крыўды сьведку,
Свой народ — гэту зьвяўшую кветку,
Цэлы край — родны мне й дарагі.

Я люблю ясны вочы і грудзі
І стан гібкі дзяўчыны-красы;
Аб ёй брэджу на яве і ў сьне.

Я люблю і заву, бы ў нялюдзі —
Чуюць кліч мой сухія лясы,
Кліч: хто-ж любіць, хто любіць мяне?