Перайсці да зместу

Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 2.pdf/86

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ДЛЯ ЗЯМЛІ ПРАДЗЕДАЎ МАІХ…

Я табе, зямля мая прадзедаў маіх,
Не патраплю нічога жалець на сьвеце,
На сьвет цэлы гатоў твой прыгон апеці
І ўзьнясьці пасад на магілішчах тваіх.

Я цябе душой рад-бы сваёй сагрэці
І карону сплесьці з сонца, зор залатых, —
На цябе карону ўзлажыць, каб хоць на міг
Заясьнела ты ў цяжка дабытым цьвеце.

За цябе загінуць гатоў я ў барацьбе
З крыўдай тэй, што цярпіш ад людзей і бога,
Ад чужынца і ад сына свайго сьляпога…

Буду ў вечнай мучыцца жальбе і кляцьбе…
І за гэта толькі прашу, малю цябе:
Не гані ты мяне ад свайго парога.