Перайсці да зместу

Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 2.pdf/79

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ВЯЛІКДЗЕНЬ

Два сьвяты на сьвеце — ад нівы да нівы:
Хрыстос уваскрос! Наступае вясна!
Глянь сьмела, глянь вольна, шчасьліў, нешчасьлівы,
І далей к жыцьцю з паніжэньня і сна!

Гэй, гэй, на спатканьне вялікіх двух сьвятаў
Сьпяшэце супольна, хто ў путах ня згінуў!
Хай льлюцца-зыльлюцца ад хаты да хаты
Ў адно ўсе грамады, ўсе людзі ўсіх ніў!

*

Вялікдзень! Вялікдзень! — ад нівы да нівы.
Забыў не адзін з нас нядаўныя дні,
А ўспомні-прыпомні, шчасьліў, нешчасьлівы,
Аб тых, што ў сьвітаньні на век адышлі, —

Ўсе костачкі тыя на гонях папарных, —
Жывых, што ў бяспуцьці акуцьцем зьвіняць…
Прыпомні, дай слова ня шчэзнуці марна,
Пачатую справу шырыць, расшыраць!

*

Вялікдзень! Вялікдзень! — ад нівы да нівы
Заводзіць бацькоў сваіх песеньку сын.
Зірні-ж, азірніся, шчасьліў, нешчасьлівы,
І заўтра на поле да сох, як адзін!

Дагэтуль мы плачам, дагэтуль мы стогнем,
Адвечных ня можам пазбыціся сьлёз…
Наперад па шчасьце! Хай злое ўсё дрогне,
Вясна ўжо на сьвеце, — хрыстос уваскрос!

1908 г.