Перайсці да зместу

Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 2.pdf/78

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ДЗЕ ВЫ?

Дзе вы, хлопцы непакорныя,
Дзе вы з песьняй удалою,
Як на поле, на прасторнае
Вы хадзілі грамадою?

Ці пашлі вы у далёкую
У старонку, у чужую;
Ці ляглі вы, адзінокія,
У магілку, у сырую?

Дзе вы, песьні, дзе, свабодныя?
Дзе ваш водгалаc магучы,
Як вы звалі сыны родныя
Да тэй працы, да кіпучай?

Ці замёрлі вы нячутымі
Серад лесу, серад поля:
Ці і вас скавалі путамі,
Ці і вас змагла няволя?

Гэй, нявідна друга сільнага,
— Сьпіць. Хто-ж сон яго ўстрывожа?
Гэй, ад енку, ад магільнага
Песьня вырвацца ня можа!..