Хрыстос васкрос!.. Усюды радасьць,
Усё глядзіць сьмялей, сьвятлей;
Вялікі мучальнік, здаецца,
Абняў ўсіх ласкаю сваей.
Хрыстос васкрос!.. Неугамонна
Плыве па нівах, пушчах клік,
Плыве адна сьвятая думка
З канца ў канец, як сьвет вялік.
Хрыстос васкрос! — пяе сялянін
З сваёй убогаю раднёй,
Забыўшы песьні аб прадвесьні,
Забыўшы ўсё усёй душой.
Хрыстос васкрос! — пяе сіротка,
Слуга, таптаная людзьмі;
Пяе ў чужыне падарожны,
Забыты бліжнімі сваймі.
Хрыстос васкрос! — пяюць і тыя,
Хрыста згубіўшыя сыны,
Што ў ціхамоўку ладзяць сеткі
Для нашай беднай стараны,
Хрыстос васкрос!.. К табе, о, божа,
І я ў дзень гэты думку шлю:
Хай Беларусь, мая старонка,
Ўваскрэсьне к лепшаму жыцьцю!
1908 г.
|