Я ведаю, знаю старонку такую,
Спавітую ў вечны туман,
Пад цёмнымі зорамі днюе, начуе,
Ляжыць на кургане курган.
Хоць сохі, хоць косы гуляюць там ройна, —
Ня поймеш, адкуль узялісь;
Людзей запытаеш, — адкажуць спакойна:
„Забраны край“ гэты калісь.
Сыны зямлі роднай чужыя палеткі.
Ў чужую карысьць засяюць,
На родных папарах галодныя дзеткі
Чужую жывёлу пасуць…
Кладуцца заломы… Дабро зьмей валоча…
Цянюе ля хат ваўкалак…
Нячысьцікі, ведзьмы рэй водзяць па ночы,
„Забраны край“ тузаюць так.
Сьляпы зьнемагаецца бацька ў цямніцы;
На стражы пастаўлен сынок;
У поўных калісьці ад шчасьця сьвятліцах
Чужак зьневажае дачок,
Дзяцей сваіх маткі кідаюць у зьдзеку,
За „мамак“ к наездцам ідуць,
А тыя за іх малако, за апеку
„Забраны край“ болей гнятуць.
Мальбішчам чужым б‘е пакора паклоны;
Упадку вялічыцца сьцяг;
З балотам зьмяшаны старыя законы,
Наладжан нявольнічы шлях.
Купляюць, збываюць, гандлююць чужынцы
Народным дабром, як сваім…
Заплача ў пагоду канюх па расінцы, —
„Забраны край“ жаліцца з ім.
|