Ці ты чуеш, як стогне віхура,
Як старой хаткі сьцены дрыжаць,
Як у коміне вые панура,
Як сукі ў боры цёмным трашчаць?..
Ці ты бачыш, як хмара за хмарай,
Як дым, небам плывуць чарадой?
Як кусты, сенажаці, папары
Заліліся магільнай імглой?..
Ці ты бачыш ноч гэту над намі,
Ноч асеньнюю, дзікую ноч,
Засьцілае што сьвет цемнатамі
Непраглядна, хоць ў процьму ты скоч?
Ці паняў, што мрок гэты гавора,
Што аддалены шле яго шум,
Як у гэта бязьмежнае мора
Ты глядзіш, гэтых слухаеш дум?..
О, дрыжыш перад шэптамі чараў
Цёмнай ночы; магутны цар дня,
І прыходзіцца ўцяміць няздары,
Што мудрэйша ёсьць моц, як твая.
Дарма розумам цэлыя годы
Ў жыцьця дзівы, як мог, заглядаў:
Чарадзейную кнігу прыроды
Ня пытаў, адчытаў, скарыстаў.
Што зямля-б на сьвет жыць ні пусьціла,
Ты паняў да канца з урада́;
Табе пара каня адмяніла,
Цяпер слухае вецер, вада.
Ты і неба ўсе скрыткі падгледзіў:
Зьлічыў, колькі зор, што ёсьць на іх;
І нічому, здаецца, ўжо недзе
Ад вачэй скрыцца зоркіх тваіх.
|