Перайсці да зместу

Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 2.pdf/55

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ДА МОЛАДАСЬЦІ

Ты скажы, скажы,
Мая моладасьць,
Што дала ты мне,
Сыну хамскаму?

Ой дала ты мне
Скарб нязьмераны:
Сілу моцную,
Неўгамонную.

За труды мяне
Не адхваляцца,
З мазалёў, крыві
Не аддзівяцца.

Дзе мой капне пот, —
Дзірван, пасека
Шуміць коласам,
Урадлівасьцяй.

Сенажаць-трава
Ляжа покатам,
Стогне зелен-бор
Пад рукой маёй,

Дый услужнасьцяй
І пакорнасьцяй
Надарыла ты
Мяне, моладасьць.

Адно, доля дзе,
Скажы, моладасьць?
Чаму волю даць
Ты забылася?