Перайсці да зместу

Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 2.pdf/48

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

У ЧУЖОЙ СТАРАНЕ

Тут далёка, ў чужой старане,
Ўсякі раз, як збліжаецца ноч,
Сэрца больлю сьціскаецца мне,
І спакой недзе коціцца проч.

Думы цяжкія роем снуюць,
Капашацца чмяльмі ў галаве,
Сноў спазнаць залатых не даюць,
Кожна мучыць, к загубе заве.

Ўсё, што чахне, ня меў долі ў чым,
Чорнай п‘яўкай сьлізгоча ў душы…
Аб жыцьці беспраглядным сваім
Разважаю я ў гэтай цішы.

Ах, салодкі ўспамін не адзін
Шалясьціць, як вяроўкаю, кат…
Столькі іх, гэтых мілых часін!
А забыці іх сілы няхват.

Гэй, ты, гэй, прамінуўшы мой час!
Гэй, ты, гэй, мой цяперашні дзень!
Што я меў, што я маю ад вас?
Дзе прасьвету хоць цень — бледны цень?

Роднай песьні вясёлы напеў
Ня ўзлунаў над калыскай маей;
Супраціўны скрозь мучыць павеў,
Як за хлебам пашоў да людзей

Гоняць, гналі, дзе гнаці маглі,
Як шалёных ганяюць сабак;
На сваёй, ах, на роднай зямлі
Сустракаўся я з сонейкам так.

На зямлі, што дзед, прадзед сьлязьмі
І гарачай крывёй паліваў,
Ўнук — ужо між чужымі людзьмі —
Тэй зямлі трох аршын не дастаў.