Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 2.pdf/348

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

РОДНЫ ДОМ

Ці любіш дом? свой родны дом,
Што ў ночку — летавай парой —
Шаптаньнем ліп варожыць сном,
Сьлязу салодзіць цішынёй.

Ці любіш дом? сваю страху?
Што многа лет гняце ў маху
Крывых варот нізкі парог,
Што ласкай сьцелецца да ног.

Ці любіш дом? аджыўчы пах
Пракосных зёл, насьпелых ніў
І ружы цьвет, што ў кальчуках
Сваю прыгожасьць засяліў.

Ці любіш дом? свой родны дом;
Што гул жывых сасон вярхоў,
І духаў стогн, і віхраў хор
Пералівае ў тваю кроў.

Ці любіш дом? свой родны дом,
Што ў часе бур, плакучых хмар,
Калі ў душу ударыць гром,
Нясе прытульны думкам чар.

Раз любіш ты, і ўсё душой
Пад гэтай хочаш жыць страхой, —
Кут бацькаў сэрцам сьцеражы,
І сэрца ў ім на век злажы.