Вецер коціцца па полі,
Жытні колас гнецца прытка;
Гэй, цыганка-варажбітка,
Варажы мне маю долю.
Варажы яе з чырвонай
Зоркі, што над хатай льсьніцца,
З таго шуму, што так мчыцца
Ад дубровы ад зялёнай.
Варажы з рукі яе мне
З рукі правай, мазалістай,
І з крынічкі таей чыстай,
Што бурліць так па каменьні.
Варажы мне добрым словам
З тэй вясёлкі многакветнай,
І з тэй кнігі, з тэй прасьветнай,
Што аб шчасьці кажа новым.
… Тваёй долі няма ў кнізе,
Ні ў вадзіцы, ні на небе,
Толькі ў чорным тваім хлебе,
Толькі ў сьвітцы, рванай рызе.
Ні на зорку залатую,
Ні з крыніцы шумнай, чыстай,
А з рукі тэй мазалістай
Мужыку тут варажу я.
Ой, ты будзеш, будзеш панам,
Ні то князем, ні гэтманам:
Тваё царства ўецца кругам,
Дзе ні пройдзеш толькі плугам.
Бачны будзеш ты ў чырвені,
Што з крывавым потам льлецца,
І ў тым золаце-праменьні,
Што ад коскі адаб‘ецца.
|