Перайсці да зместу

Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 2.pdf/345

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ТРЫ ДАРОГІ

Ідуць тры сьцежкі з хаты
На долю і нядолю:
Ідзе адна, дзе пану
Людцы пахаюць поле;

Налева ад хаціны
Ідзе ў карчму другая,
А трэцяя — к магілкам,
Дзе брат наш спачывае…

Ад цяжкай працы, поту
Адна расіцай сьвеціць;
Хто па другой праходзіць, —
З бацькоў сьмяюцца дзеці;

Палын расьце на трэцяй,
І наспы вышай, ніжай,
І плача там бярозка,
І крыж стаіць на крыжы…

Па сьцежках гэтых ходзяць
У лапцях нашы людзі.
Гэй! хто ім сьцежку ўскажа,
Што весьці к шчасьцю будзе?..