Перайсці да зместу

Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 2.pdf/343

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

УДАГОНКУ

(Czaty)

З-пад прысад агароду бледны ўбег ваявода
У палац свой са злосьцю й трывогай:
Дзе ў бакоўку ўход — стануў, у пасьцель жонкі глянуў,
Глянуў там — і ня ўбачыў нікога.

Ў дол патупіўшы вочы, увесь дрыжыць, штось мармоча,
Вусы тузае, думае дзіка;
Адышоў ад пасьцелі, жудка зрэнкамі стрэліў,
Казака ту-ж Навума паклікаў.

„Гэй, казача, ты, хаме! Што у садзе пры браме
Ні сабакі няма, ані стражы?!
Браць мне торбу барсучу і янчарку гайдучу,
З цьвека стрэльбу цягні мне ураз-жа!“

Ўзялі зброю — і ходу!.. Падцякліся к гароду,
Дзе шпалеры альтану абселі…
На дзярновым пасадзе штось бялее ў садзе:
Там сядзела кабеціна ў белі.

Броўкі ручкай адною закрывала касою,
Грудзі крыла рубком кашуліны,
А другою — памалу ад сябе адпіхала,
Што ў калень яе кленчыў, мужчыну.

Той, прыпаўшы к каленям, гаварыў ёй з цярпеньнем:
„Дык усё, што было, ўжо далёка…
І твае уздыханьне і тваё прывітаньне
Адкупіў ваявода гатоўкай.

Я, хоць верным быў гэтак табе столькі ўжо летак,
І любіць, і цярпець мушу здаля,
А ён з сэрцам каменным бразнуў золатам зьменным, —
Ты яму прадалася бяз жалю.