Перайсці да зместу

Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 2.pdf/341

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Глянь, над карчмай маляваньне:
Конь грывясты, хвост, як вехаць;
Тут жывым няхай ён стане,
Мушу я на ім праехаць.

Біч з пяску скруці мне, бесе,
Каб каня меў чым пагнаці;
Хорам выбудуй у лесе,
Каб было дзе папасаці.

Зруб стаўляй з зярнят арэху,
Прыкажы знасіць іх раку,
Жыда пэйсамі лаць стрэху,
Места гонт — крый зернем маку.

Глянь, цьвічок такі прымерне:
Ў цаль — таўсты, даўгі — тры цалі;
Бі у кожна маку зерне
Па тры гэткія ганталі. —

Мэфістофаль духам скочыць,
Каня корміць, поіць, чысьціць,
Біч даўгі са жвіру точыць,
А ўсё жыва і агнісьце.

Сеў Твардоўскі, выпнуў жылы,
Ўзяў за повад, конь здаровы,
Знай, трымайся што ёсьць сілы,
Аж тут зірк — палац гатовы.

Так, так! выйграў, пане бісе;
Ды работа жджэ другая:
Ты скупайся ў гэтай місе —
Толькі ў ёй вада сьвятая. —

Чорт спужаўся, ўвесь сагнуўся,
Пот яго сьцюдзёны крые;
Ўсё-ж, пан кажа — слуга мусіць, —
Чорт скупаўся аж па шыю.

Потым выскачыў, як з жару,
І Твардоўскага зноў страша:
— Я цяжкую вынес кару,
Але й ты у моцы нашай.