Перайсці да зместу

Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 2.pdf/340

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— А! Твардоўскі… як дуж, браце?!
Так гаворыць і падходзе:
Ці-ж ня хочаш на‘т пазнаці
Мэфістофаля, дабродзей?

Там пад Лысаю Гарою,
Што душу нам адступаеш,
Падпісаўся ты крывёю,
А цяпер і ані дбаеш!

Надало-ж табе забыцца,
Што, як два мінуць гадочкі,
Меўся ў Рыме ты зьявіцца,
Каб цябе ўзяць за грахочкі.

Ўжо зыходзіць год і сёмы,
І кантракт далей ня служа,
А за чары ой даўно мы
Жджэм цябе у пекле, дружа.

Але хоць чакаў я леты,
Помста ўрэшце даканана:
Рым завецца шынок гэты…
Кладу арышт на васпана. —

Даць хацеў Твардоўскі цягу
На сказ гэтакі чартовы,
Але той злавіў за дзягу:
— А дзе, кажа, гонар слова? —

Што рабіць? чорта насьпела,
Схопе ў пекла тут, і годзе:
Дый Твардоўскі знае дзела,
І таму мазгі заводзе.

— Гэй ты, чорце! глянь ты толькі
У кантракт, дзе пункты ўвідзіш,
Што як лет мінецца столькі,
Па маю душу як прыдзеш, —

Буду права мець тры разы
Запрагчы цябе ў работу, —
Ты-ж найгоршыя прыказы
Мусіш споўніць што да-ёты.