Перайсці да зместу

Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 2.pdf/339

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ПАНІ ТВАРДОЎСКАЯ

П‘юць, ядуць і люлькі смаляць,
Таўкатня вакол, сваволя,
Ледзь карчмы тэй не разваляць…
Хі-хі, ха-ха, гэй-жа, го-ля!

На канцы стала Твардоўскі
Сеў, падпёрся, выпнуў бруха,
І крычыць на чым сьвет боскі,
І усяк туманіць юха.

Салдату, ўдаваў што зуха,
Ўсіх ён лае, разганяе, —
Сьвіснуў шабляй каля вуха,
Ўжо з салдата зайца мае.

Старшыні, што місу з мясам
Паражніў з вялікім смакам,
Пырснуў квасам — і тымчасам
Старшыню зрабіў сабакам.

Пстрык! шаўца у нос кароткі,
Тры да лба прыткнуў краночкі,
Цмокнуў цмок, і гданьскай водкі
Са лба вытачыў поўбочкі,

Тут, як водку піў з кяліха,
У кяліху сьвіст зрабіўся;
Зірк на дно: — Гэй, што за ліха!
Ты чаго, кум, сюды ўбіўся?

На дне ў чарцы бачыць — чорцік:
Істы немец, знае ўвагу;
Пакланіўся і, як хорцік,
На падлогу дае цягу.

Скочыў, вырас на два локці,
Нос, як гачык — знаць, што нелюдзь,
І савіныя пазногці
На худых нагах віднеюць.