Перайсці да зместу

Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 2.pdf/338

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Даўшы так асьцярогу, блаславіў на дарогу;
Яны ўзялі бронь, селі, пабеглі.
Сходзіць восень, зіма йдзе, сыны ўсё там — вайна дзе:
Будрыс думаў, што ў бітвах палеглі.

Па сьняжыстай дарожцы мчыцца ў зброі хтось к вёсцы,
А пад буркаю нешта хавае:
Кубел — гэта, знаць, — ноша, а ў ім рускія грошы…
Не!.. Палячка — твая сынавая.

Па сьняжыстай дарожцы мчыцца ў зброі хтось к вёсцы,
А пад буркаю нешта хавае:
Мусіць, з Прусаў, мой сыну, цягнеш кубел бурштыну…
Не!.. Палячка — твая сынавая.

Па сьняжыстай дарожцы трэці нехта прэ к вёсцы,
А пад буркай вяліка здабыча,
Будрыс — што? — ня пытае, толькі госьці склікае,
На вясельле іх трэцяе кліча.

|}