Перайсці да зместу

Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 2.pdf/337

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ТРОХ БУДРЫСАЎ

Стары Будрыс трох сынаў, як сам ёмкіх літвінаў,
На дзядзінец заве і гавора:
Коні з пашы вядзеце; зброю сёдлы браць з клеці!
А спраўляцца мне жвава і скора.

З Вільні вестку мне далі, што ўжо там наказалі
Тры вайны на тры сьвету староны:
Альгерд рускіх біць едзе, Скіргел —ляхаў-суседзяў,
А князь Кейстут заграбіць Тэўтоны.

Дзяцюкі вы ня зломкі, для радзімай старонкі
На вайне пашукайце ўспамогі…
Ня йду сёлета з вамі, — знаю — трапіце самі;
Трох вас ёсьць і тры ёсьць вам дарогі.

Вось адзін хай пасьпее за Альгердам ў Расею
Па-над Ільмень, пад мур Навагроду;
Там — саболі і лісы, і злацістыя місы,
І ў баяраў там грошы — як лёду.

Едзь другі да Кейстута, а ўвіхайся там крута,
Крыжаком дай як сьледна па пятах;
Мераць там на асьміны брыліянты, бурштыны,
Дарагіх шмат ксяндзоўскіх арнатаў,

Скіргел з трэцім памчыцца там, дзе Вісла бурліцца;
Беднату там убачыш ліхую,
Але возьмеш затое узбраеньне стальное,
І мне стуль прывязеш сынавую.

Бо дзе я ні быў толькі, спадабаў адны полькі, —
Так панадны мне стан іх дзявочы,
Твар іх бела-ружовы, як смоль — чорныя бровы,
Як дзьве зоркі, так сьвецяцца вочы.

Маладым чалавекам я адтуль прад поўвекам
Сабе вывез палячку за жонку;
Хоць яна ўжо ў магіле, я ўбываю на сіле,
А ўсё-ж міла гляджу ў ту старонку.