Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 2.pdf/320

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Гэтак слухае, выслухаў князя гусьляр.
Заіскрыліся вочы сівыя,
Патануў у скляпеньнях адзін, другі ўдар,
І заплакалі струны жывыя.

VII

„Гэй ты, князь! гэй, праслаўны на цэлы бел-сьвет!
Не такую задумаў ты думу, —
Не дае гусьляром сказу золата цьвет,
Белых хорамаў п‘яныя шумы.

Скурганіў-бы душу чырванцом тваім я;
Гусьлям, княжа, ня пішуць законаў:
Небу справу здае сэрца, думка мая,
Сонцу, зорам, арлом толькі роўна.

Бачыш, княжа, загоны, лясы, сенажаць, —
Ім пакорны я толькі з гусьлямі,
Сілен, княжа, караць, галаву сілен зьняць —
Ня скуеш толькі дум ланцугамі.

Славен, грозен і ты, і твой хорам-астрог,
Б‘е ад сьцен цэгел лёдам зімовым;
Сэрца маеш, як гэты цагляны парог,
І душу — як скляпоў гэтых сховы.

VIII

Глянь ты, слаўны ўладар, на палеткі свае:
Сарачні там сох бачыш, як блудзе;
А ці чуў ты, аб чым там араты пяе,
Дзе і як жывуць гэтыя людзі?

Глянь у лёхі свае, ў падзямельлі глянь, князь,
Што настроіў пад хорамам гэтым:
Брацьці корчацца там, табой кінуты ў гразь,
Чэрві точаць жывых іх, разьдзетых.

Ты ўсё золатам хочаш прыцьміць, загаціць…
Ці-ж прыгледзіўся, хорамны княжа?
Кроў на золаце гэтым людзкая блішчыць,
Кроў, якой і твая моц ня змажа.