Перайсці да зместу

Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 2.pdf/319

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Прытаіцца да моху русалка, лясун,
Каня вечнага „піць“ не заводзіць;
Пад звон-песьню жывучых гусьляравых струн
Для ўсіх папараць-кветка ўзыходзіць.

V

Прывяла гусьляра з яго ніўных сяліб
Дворня князева ў хорам багаты;
Пасадзіла на ганку, між клёнаў і ліп,
На цагляным парозе магната.

Нявыдумная сьвітка — убор на плячох,
Барада, як сьнег белы — такая,
Нязвычайны агонь у задумных вачох,
На каленях ляглі гусьлі-баі.

Водзіць пальцам худым па сталёвых струнах,
К песьні-музыцы ладзіцца, строе;
Водклік б‘ецца ад струн па сьцюдзёных сьцянах,
Заміраючы ў сховах пакояў.

Вось настроіў, навёў тон у струнах як сьлед,
Ня зірнуўшы на гулі ні разу,
І сядзіць гэты сумны, як лунь, белы дзед
І чакае ад князя прыказу.

VI

— Што-ж маўчыш ты, гусьляр, ніў, лясоў песьня-бай,
Славай хат маіх подданых слаўны?!
Нам сягоньня зайграй, нам сваіх песень дай, —
Князь умее плаціць нязвычайна!

Запяеш падушы, дасі ўцехі гасьцям —
Поўны гусьлі насыплю дукатаў;
Не пад мысьль песьня будзе каму-небудзь нам —
Канапляную возьмеш заплату;

Знаеш славу маю, знаеш сілу маю…
— Многа знаю і чуў аб табе я, —
І я сам, як і ты, так табе запяю…
— Ну, пара пачынаць, дабрадзею! —