Зьневажаў, катаваў ён з дружынай сваей;
Стражы князевы — ў полі і дома:
Толькі модлы расьлі небу ў сэрцах людзей,
І пракляцьце расло пакрыёма.
III
Раз бяседа вялікая ў князя была:
На пасад дачку-княжну садзілі;
За сталом він заморскіх крыніца цякла,
Бегла музыка ўкруг на поўмілі.
На вясельле-разгул наплыло, як на сход,
Госьці знатных зусюль, за поўсьвету,
Гэткай гучнай бяседы ня помніў народ,
Гэткіх скарбаў, брыльлянтаў, саетаў!..
Дзень, другі ўжо грымела у князя гульня,
І музыкі і чаркі зьвінелі;
Выдумлялі забаў новых кожнага дня;
Што хацелі — ўсяго госьці мелі.
Ажно трэцяга дня князь прыдумаў адну
Для дружыны пацеху, забаву:
Загадаў ён пазваць гусьляра-старыну,
Гусьляра з яго ведамай славай.
IV
Акалічны народ гусьлі знаў гусьляра;
Песьня-дума за сэрца хапала;
Вакол гэтай думы дудара-званара
Казак дзіўных злажылась ня мала.
Кажуць — толькі як выйдзе і ўдарыць як ён
Па струнах з неадступнаю песьняй, —
Сон зьлятае з павек, болю цішыцца стогн,
Ня шумяць ясакары, чарэсьні;
Пушча-лес ня шуміць, белка, лось не бяжыць,
Салавей-птушка ў той час сьціхае;
Паміж вольхаў рака, як што-дзень, ня бурліць,
Паплаўкі рыба-плотка хавае.