Паміж пустак, балот Беларускай зямлі,
На ўзьбярэжжы ракі шумнацечнай,
Дрэмле памятка дзён, што ў нябыт уцяклі, —
Ўдзірванелы курган векавечны.
Дуб гальлё распусьціў каранасты над ім,
Сухазельле у грудзі ўпілося;
Вецер стогне над ім уздыханьнем глухім, —
Аб мінуўшчыне ў жальбах галосе.
На купальле там птушка садзіцца, пяе,
У піліпаўку воўк нема вые;
Сонца днём распускае там косы свае,
Ночкай зоры глядзяць залатыя.
Хмары неба ўсьцілалі мо‘ тысячу раз,
Пяруны білі з краю да краю, —
Ён стаіць — гэта памяць людзкая, паказ…
Толькі гутарка ходзіць такая.
На гары на крутой, на абвітай ракой,
Лет назад таму сотня ці болей,
Белы хорам стаяў, недаступнай сьцяной
Грозна, думна глядзеў на прывольле.
У нагах у яго расьсьцілаўся абшар
Хвоек гонкіх і пахані чорнай,
Сонных вёсак шары, хат амшалых, як мар,
Хат з сям‘ёй душ падданых, пакорных.
Князь у хораме жыў, слаўны сьвету ўсяму,
Недаступны і грозны, як хорам;
Хто хацеў, не хацеў — біў паклоны яму,
Спуску, ласкі ня знаў непакорам.
|