Перайсці да зместу

Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 2.pdf/315

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ВІСЕЛЬНІК

Зоркі ня ўбачыш, імгла няпрыхільная
Сьвет спавіла непрагляднаю сеткай;
Вецер ня мрэ і, як зданьне магільнае,
Носіцца грозна па пушчах, палетках.

Лес расхадзіўся, пашумы сусьветныя
Б‘юць у тахт віхравы кожнай галінай,
Стогнуць дубы і бярозы сталетнія,
Хрыпла скрыпяць і трасуцца асіны.
..............
Злыбедаў стогны і цьмы неспажытыя,
Жудаснай дзікасьці поўны бязьмеры,
Як-жа салодзіце думкі разьбітыя,
Сэрца з разьбітай надзеяй і верай!

Годзе душа маладая пакутаваць,
Шляхам заломным снаваць бескарысна, —
Страшна загадкі ўсябыту расплутываць,
Выхад з туманаў знаходзіць разблысны.

К сонцу і зорам жыцьцё тваё рвалася,
Віхры і ночы на бой выклікала…
Згасла ўсё лепшае, згасла, зламалася, —
Далей змагацца сілы ня стала.

Будзь-жа збаўленьнем, пятля канапляная!
Вырыхтуй сук свой, асіна-ласуха:
Хутка збагацішся ў плоднасьць нязнаную,
Слаўнаю станеш — толькі паслухай!

Ты не марудзь там, пакутнік аплучаны:
Жыва вяроўку — раз, два, і гатова!
Сьмела сунь шыю!.. Ну, вось і разлучаны
З гэтай зямлёю, з пуцінай цярнёвай.
..............