Перайсці да зместу

Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 2.pdf/314

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Хоць далёка стаяў, а любіў, ўспамінаў,
І ахвоты ня мёў да другіх да дзяўчат:
Ёй аднэй пісьмы слаў і спакою ня знаў, —
Ўсё чакаў таго дня, калі пусьцяць з салдат.

Так зышло колькі год, аж нарэшце і срок
Маёй службы прышоў — адпусьцілі зусім.
Я вярнуўся, і што-ж? Э, мой мілы браток! —
Была замужам Еўка за бацькам маім.

Што прышло ў галаву за старога пайсьці —
Над адгадкай такой думак я не ламаў:
Сіратою была, а у простым жыцьці,
Хто пасватаўся перш, той і верх атрымаў.

Сам згадаеш, што я перажыў у той час, —
Колькі ў роднай хаціне паспытываў мук.
Чаму лепш не ўзяла сьмерць каторага з нас?
Хлебам хлеб ня быў мне, ўсё валілася з рук.

А яна — ўжо пры мне — ўсё хмурней з кожным днём…
Дзе шчасьлівы той сьмех, дзе вясёлы пагляд?
Часам разам няўзнак — я, яна ўздыхнём,
Ды я ў поле барджэй, а яна — ў агарод.

Так праходзілі дні ў злыбядзе, а яна —
Наша мачыха ўжо — бачу тае ў вачох;
Бацька хмур, не глядзіць і маўчыць, як сьцяна;
Ношку добрую нёс, знаць, і ён на плячох.

Год, ня болей, прашло нам такога жыцьця…
Як казалі ў сяле — нехта кінуў урок…
На душы дзьве паменшала наша сям‘я:
Еўку бог к сабе ўзяў, я сюды з хаты ўцёк.

Гэтак сьпятрала мне доля-байка навек;
Хатай стаў мне шынок, а сьвет цэлы — турмой.
Змарнаваў за нішто сам сябе чалавек
Праз няўлад праўды ў нас, праз паглёд мілы той.

|}