На кірмашы хадзіў з ёю разам ня раз,
І гасьцінцы купляў, і ў садочку гуляў;
Ненаглядку маю я галубіў падчас,
Абнімаў, цалаваў, думкі ёй асьмяляў.
А матуля мая (рай нябескі ўжо ёй)
Так любіла яе, як-бы родну дачку:
Ўсё чакала, калі назаву я сваёй, —
Калі Еўку сваю павяду у царкву.
Дый адна злыбяда мой сушыла папар:
Прызыў мне, як пятля, ўжо на шыі вісеў…
Брату вышлі гады, бацька жыў і ня стар,
Я сам дуж і здароў, — значыць, льготы ня меў.
Што рабіць у такім тут жыцьці, бяспуцьці —
Выйсьці цэлым з пятлі, не палезьці наўрад:
Ці жаніцца цяпер і ў салдаты ісьці,
Ці жаніцца тады, як вярнуся з салдат?..
Варажыў, разважаў сам адзін і з людзьмі:
Еўка кажа, што ёй можна гэтак і так;
Маці кажа: цяпер ажаніся вазьмі;
Бацька раіць — пасьля, бо мо‘ здарыцца ўсяк.
Адлажыў на пасьля, адлажыў на ўсяды…
Хутка восень прышла, і на прызыў у Шклоў
Татка з хаты павёз. Там пашло без бяды:
Папрашчацца дзядзькі адпусьцілі дамоў.
Мо‘ і год ня мінуў, як шынэль я надзеў, —
З дому вестку дастаў, што матуля ўмярла;
Сьлёзы хлынулі мне, прост, на сьвет не глядзеў;
Жаль яшчэ і цяпер — недакучнай была…
У паходзе былі, і прыехаць ня мог
Доўг апошні, хаўтурны, радзімай аддаць;
І пасьля, да канца маёй службы, ўжо бог
Хоць магілкі яе ня судзіў аглядаць.
Ну, аб Еўцы чаму — ты спытаеш — маўчу?
От, пісалі, што жыва, здарова, і ўсё…
Верыў гэтаму я і снаваў ўціхачу
Думкі, як гэта мы з ёй устроім жыцьцё.