Ну, што сумен там ты, мой дзяцюк малады?
Давай чарку на стол, — вот і ўся тут бяда!
Кінь драмаць і ўздыхаць, уздыхні лепш тады,
Як ці жыць, ці ўміраць будзе ўжо не наўда!
Груканём, стуканём чарка ў чарку, як сьлед, —
Бач, і стане душа паланеці агнём;
Весялей і сьмялей глянуць вочы на сьвет,
Весялей і сьмялей пойдзе ўсё хадуном.
Ты бядуеш адно, што жыць кепска табе;
Плюнь на тое — што кепска, што лепей — шукай!
Як вужака, калісь і я віўся ў жальбе;
Глянь, сягоньня ўсё роўна — ці пекла, ці рай.
А было, ой было, як малінка жыцьцё:
Быў шчасьліў, песьні пеў, на ўсё птушкай глядзеў…
Калі хочаш, скажу, раскажу табе ўсё…
Дай вось чарку, ато ўжо язык прымадзеў.
Як напэўна спазнаў, дагадаўся і ты,
Праз дзяўчынку пашло, а ня лёгка пашло.
Маладыя былі, шмат было дурнаты;
Дваццаць першы мне йшоў, ёй семнаццаць было,
Пасуседзтву жыла, звалі Еўкай яе,
Да спадобы была як і мне, так і ўсім.
Ці глядзіць на цябе, ці-то песьню пяе, —
Ня было ёй раўні ні у гэтым, ні ў чым.
Падабалася мне лепш, як сам я сабе;
Неспакой мучыў днём, ночкай сон уцякаў;
Ці ішоў за сахой, ці пацеў у касьбе, —
Павідаці яе, як збаўленьня, чакаў.
Не скажу, каб мяне адганяла яна:
Ёй па сэрцы я быў, як яна для мяне.
І часіна ўцякла удваіх не адна,
І цяпер гэты час маю ў сэрцы на дне.
|