Перайсці да зместу

Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 2.pdf/308

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ўсё-ж сын мілей! — Лезе з санак Сьцяпан,
Крыжам дарогу зазначыў;
Цяжка на сэрцы, у вочах туман,
Боскага сьвету ня ўбачыш…

„Будзь здароў, косю! Хоць жаль мне цябе, —
Хворы Сымонка чакае!“
Так шапнуў Сьцёпка — і ў поле брыдзе:
Ў гурбах чуць ногі зьмяняе.

Шоў ён, шоў дружна, а дзе і куды;
Зьбіўся і сам тут ня ведаў;
Сілы слабелі ад хуткай хады;
Думкі аб сыне йшлі сьледам.

Сьцісьне лякарства за пазухай ён,
Шэпча малітву да бога,
І, хоць ня першы раз гэткі нагон,
Крадзецца ў сэрцы трывога:

Што, калі зьняў абрыдны яго блуд?
Як тады выйсьці у вёску?
„Сядзь, адпачні!“ штось яму шэпча тут,
„Вось дзе, пад гэту бярозку!“

„Праўда“, — падумаў, — „пара аддыхнуць,
Многа прашоў ты, нябожа!“
Сеў і мацуецца, каб не заснуць, —
Ведаў, што стацца тут можа…

Зьвіўся клубочкам і ціха сядзіць;
Лёгкасьць на сэрцы такая…
Толькі мяцеліцца вые, шуміць,
Песьні яму напявае:

„Сьпі мой Сьцяпанка, дзіцятка маё,
Я тут тваёю ўжо паняй!
Гэткай пасьцелі ня меў за жыцьцё,
Ў гэткай — і конь твой і сані.

Сына сьпяшыш ты, сьляпы, ратаваць?
Ну, і нашто-ж гэтак рвацца?
Лёгка-ж табе было век гараваць,
З мачыхай доляй змагацца?