Перайсці да зместу

Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 2.pdf/309

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Я ашчасьліўлю, мой братка, цябе,
Ўбачышся быццам у небе:
Гора бяда не падойдзе к табе,
Думаць ня трэба аб хлебе.

Сьпі! Знаю, крыўды ня раз зазнаў ты,
Братам ня быў між братамі.
Я пашкадую цябе, сіраты,
Буду галубіць сьнягамі…

Меў-жа прыпынак ты зносны калі,
Гонячы быт свой цыганскі?
Я з гулкай песьняй: „ай, люлі-люлі!“
Спраўлю начлег табе панскі.

Скончу я песеньку-байку сваю,
Зоры пачнуць усьміхацца,
Будуць глядзець на спакойнасьць тваю,
Будуць табой уцяшацца!..“

Гэтак над сонным завея пяе,
Гэтак яго калыхала;
І, што-ж вы скажаце, людзі мае? —
Сьцёпку навекі прыспала:
...............
Зьбегла па гэтым дзён нешта са тры,
Тры дні — а шмат даказалі:
Ў Сьцёпкавай хаце удвух сталяры
Дзьве дамавіны зьбівалі.

З іх адну зьбілі для костак старых,
Сына ў другую злажылі —
І пахавалі пабожаму іх,
Родных, навекі ў магіле.

Сходзіўся ўдоўку пацешыць народ,
Братнім слаўцом адзываўся:
Маеш адзін хоць расход і заход,
Крыжам адным абышлася!“

|}