Перайсці да зместу

Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 2.pdf/306

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Вечарам, дзіва! ні стуль і ні сьсюль
Зьлёг і ляжыць, як павала;
Раілась маці ўжо многа бабуль,
Зёлак усякіх давала.

Дарма яна яму гэтак і сяк
Піць, есьць нясе адначасьне:
Дні свае лічыць збалелы бядак,
Вось-вось часіна — загасьне.

Ўжо не чакае сямейка дабра,
Аж тут, як воляю боскай.
Доктар адзін па дарозе з двара
Ехаў, заехаў і ў вёску.

Выслухаў, выстукаў хлопца кругом,
Даў карталюшку на лекі;
Ехаць да гораду кажа бацьком,
Ехаць хутчэй да аптэкі!

„Сын здароў будзе, як рыба ў вадзе,
Толькі лякарства прывозьце!“ —
Кінуў старым так і з хаты ідзе,
Дый толькі бачылі ў вёсцы…

Мілі-ж тры ў горад; тры мілі — ня сьмех!
Конік худы — прыстаць можа;
Тут яшчэ гэты нязьмераны сьнег,
Ды ночка пусткай трывожа…

Трудная рада: да раньня чакаць
Хвораму лекаў прышлося,
Бацька во сеў над сталом — ня йдзе спаць,
Маці над сынам галосе.

Ноч на аддых — адзін міг мужыку,
Годам зыходзе — ў няшчасьці.
Шмат іх даўжэнькіх, ой шмат на вяку,
Як-жа к сьвятлу тут папасьці?..

Час бег… Апошняя стухла зара.
Неба бялее на ўсходзе.
Ну, Сьцёпка! Ехаці час і пара!
Годзе маркоціцца, годзе!